Общество

"Дастатковыя веды" беларускай мовы зусім недастатковыя

13.08.2013, 17:38 5684

Усё ў нас добра – і ў школе, і з беларускай мовай. Пра гэта сёння заявіў старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец. Паводле яго слоў, у школах даюць дастатковыя веды па беларускай мове.

"Сістэма сярэдняй адукацыі сёння дае дастатковыя веды па беларускай і рускай мовах, каб выкарыстоўваць іх паралельна", — падкрэсліў вучоны. Веданне беларусамі роднай мовы Аляксандр Лукашанец ацаніў як даволі высокае, таму неабходнасці адкрываць у краіне спецыяльныя курсы па беларускай мове ён не бачыць.

Але адначасова Лукашанец зрабіў яшчэ адну цікавую заяву, якая аўтаматычна ставіць пад сумнеў ягонае першае выказванне. Паводле ягоных словаў, змешванне беларускай і рускай моваў, так званая "трасянка" — "натуральная з’ява для шматмоўных грамадстваў, актуальная, напрыклад, і для Украіны, мяжы Польшчы і Германіі".

"Да трасянкі трэба ставіцца як да натуральнай з’явы. Нават у аднамоўных краінах на літаратурнай мове размаўляе адносна невялікая, высокаадукаваная частка грамадства. Змешаная гаворка — рэалія любой сучаснай камунікатыўнай прасторы", — адзначыў ён.

Але ці не выключае адно другога? Калі школа дае дастатковыя веды па беларускай мове, то адкуль і чаму існуе "трасянка"? І ці сапраўды школа дае дастатковыя веды па мове?

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў ставіць пад сумнеў выказванне Лукашанца. "Справа ў тым, што беларуская школа зараз не дае нармальных ведаў не толькі па беларускай мове — яна ўвогуле ў катастрафічным стане, і не дае добрых ведаў не толькі па беларускай мове, але і па іншых прадметах. Таму казаць, што з беларускай мовай там усё добра, не выпадае", — заявіў Трусаў карэспандэнту сайта «Товарищ.online».

Што ж тычыцца "трасянкі", то, па меркаванні Трусава, і тут Лукашанец "Амерыку не адкрыў". "Зразумела, трасянка — гэта нашая рэальнасць. Але лепш размаўляць на "трасянцы", чым на "великом и могучем". Справа ў тым, што з "трасянкі" у бок правільнай беларускай мовы павярнуць значна лягчэй, чым з іншай мовы", — адзначае лідэр ТБМ.

Сапраўды, пра бядотны стан не толькі беларускай мовы, але і школы, яскрава сведчаць вынікі цэнтралізаванага тэставання за 2013 год. Больш за 40 тысяч тых, хто заявіўся на тэставанне, не здолелі вырашыць тэсты, гэта значыць не набралі мінімальныя прахадныя балы хаця б па адным прадмеце. А гэта амаль 36% ад усіх, хто здаваў ЦТ.

І гэта пры тым, што Міністэрства адукацыі Беларусі ўвяло градацыю балаў, якія дазваляюць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Так, беларускую і рускую мовы дастаткова здаць на 10 балаў, хімію, фізіку, матэматыку і біялогію — на 15, геаграфію, грамадазнаўства, замежныя мовы, гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю — на 20. Калі б усе ЦТ неабходна было здаць хоць бы на 20 балаў, то вынікі былі б яшчэ больш засмучальнымі. Як уяўляецца, было б правалена мінімум кожнае чацвёртае ЦТ у краіне.

І ўсю "добрую сітуацыю" з беларускай мовай ілюструе тое, што ў гэтым годзе на тэставанне па беларускай мове запісалася ў два з паловай разы менш чалавек, чым па рускай — 33.564 "беларускамоўных" супраць 83.829 "рускіх". Якія ж тут "дастатковыя веды па беларускай мове"?

Між тым, пакуль спадар Лукашанец не бачыць праблемаў з выкладаннем беларускай мовы, іх бачыць не толькі Трусаў. Лідэр кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў нават адмысловую суполку ТБМ у "ГП" стварыў, і заняткі па беларускай мове правеў разам з Трусавым.

"Калі нехта кажа пра тое, што школа дае дастатковыя веды беларускай мовы, то хай ён мне адкажа, дзе вынікі гэтых ведаў? Дзе тыя, хто на ёй вольна размаўляе?" — пракаментаваў карэспандэнту сайта "Товарищ.online" выказванне спадара Лукашенца Уладзімір Някляеў.

Па меркаванні паэта і палітыка, тыя веды, якія даюць па беларускай мове ў школе, недастатковыя для таго, каб чалавек "прызвычаіўся да таго, што натуральна размаўляць на беларускай мове, па-свойску".

"Нядаўна быў чарговы суд па нерэгістрацыі "Гавары праўду". Сярод суддзяў-пракурораў былі там людзі рознага ўзросту, у тым ліку тыя, хто атрымаў адукацыю ўжо пры гэтай уладзе. І, калі я пачаў прамову па-беларуску, відавочна ўзнікла праблема. Суддзя нават перапытала, ці буду я прамаўляць па-беларуску: нібыта, з яе словаў, пракурор і бок абвінавачвання можа мяне не зразумець", — праілюстраваў сваё меркаванне Някляеў.

Так што хай не дураць галаву, раіць паэт, а нармальна выкладаюць беларускую мову, бо гадзіны выкладаня роднай мовы зараз у школе роўныя, калі ўжо не меншыя, замежным мовам — кітайскай, англійскай ці нямецкай…

"Гэта нават пры афіцыйным двухмоўі недарэчна", — падкрэсліў Някляеў.

Сяргей Вясёлкін, "Товарищ.online"

Опрос

Правильно ли поступил Лукашенко, не введя в Беларуси карантин?
Да
0%
Нет
50%
Мне все равно
50%
Всего голосов: 2

Популярные рубрики

акция солидарности

Мы в социальных сетях