Культура

26 студзеня Магілёў стане культурнай сталіцай Беларусі 2013 года

23.01.2013, 22:33 1815

26 студзеня 2013 года у Магілёве ў Палацы культуры вобласці адбудзецца афіцыйны старт праекта "Магілёў – культурная сталіца Беларусі 2013 года". Магілёў стаў чацвёртым горадам, які атрымаў ганаровы статус "Культурнай сталіцы Беларусі".

Нагадаем, культурнай сталіцай Беларусі ў 2010 годзе быў Полацк. У 2011 годзе ганаровы статус "Культурная сталіца Беларусі і СНД" атрымаў Гомель, у 2012 – Нясвіж.

Як паведамілі карэспандэнту сайта "Товарищ.online" у Міністэрстве культуры, "акцыя пройдзе ў межах святкавання 75-годдзя ўтварэння Магілёўскай вобласці. Падчас урачыстай цырымоніі адбудзецца ўручэнне гораду сертыфіката аб наданні яму статусу "Культурная сталіца Беларусі".

"На працягу года ў горадзе выступяць вядомыя калектывы і выканаўцы нашай рэспублікі і замежныя артысты: Нацыянальны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам А.Анісімава; салісты балета Вялікага тэатра Беларусі і Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга; тэатр беларускай драматургіі, Гродзенскі абласны драматычны тэатр, дзяржаўны ансамбль танца, музыкі і песні "Белыя росы", беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", Алёна Ланская, а таксама калектывы і выканаўцы з Расіі - Белгарадскі і Бранскі тэатры лялек; "Віртуозы Масквы", акадэмічны ансамбль песні і танца імя А.Аляксандрава; з Малдовы - дзяржаўны ансамбль танца "Жок", і мноства іншых – імёны, добра вядомыя як у Беларусі, так і далёка за межамі нашай краіны", - падкрэслілі ў Мінкульце.

Акрамя гэтага, у рамках акцыі "Культурная сталіца" будзе рэалізаваны шэраг творчых праектаў. Сярод іх – "Радзімы нашай скарб" – мерапрыемствы краязнаўчай тэматыкі, прэс-тур для журналістаў дзяржаўных СМІ, дзяржаў-удзельніц СНД, гарадоў-пабрацімаў Магілёва. Пройдзе кінатыдзень "Тураўская восень", будуць праведзены "Сіманаўскія чытанні", ток-шоу "Бацькі і дзеці" па тэматыцы "Культурнай сталіцы".

Праект "Духоўнай шчырасці імгненні" адбудзецца ў сакавіку ў рамках Тыдня кнігі. "Адбіткі часу" – гэта праект, у рамках якога адбудзецца культурна-асветная акцыя "Ноч музеяў", круглы стол "Культурныя традыцыі Магілёва", конкурс мультымедыйных прэзентацый "Старадаўні Магілёў", адкрыццё новай экспазіцыі ў Музеі гісторыі Магілёва.

Праект "З крыніц адвечнай прыгажосці" прадугледжвае правядзенне міжнароднага форуму "Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства", шматлікія народныя абрады і святы, выстаўкі нацыянальных строяў краін свету. У праекце "Жыццё, рух, радасць, захапленне" будуць пераважна моладзевыя акцыі: конкурсы бальных танцаў, фестываль інтэлектуальных гульняў, конкурс маладых сем’яў і шмат іншага. Зацікавяць магіляўчан і гасцей Культурнай сталіцы мерапрыемствы праекта "Рэальнасць у пражэктарах ілюзій" – тэатральныя акцыі, афішы якіх ужо гатовы.

У рамках праекта "Жыццё гарадоў" можна будзе паўдзельнічаць у Днях культуры гарадоў – сталіц СНД, паглядзець кіно свету, адчуць вынікі конкурсу добраўпарадкавання Магілёва. Незвычайныя эмоцыі гледачам гарантуюць аўтары праекта "Талент у прасторы". Адбудзецца міжнародны пленэр па каменнай скульптуры "Каменная казка", пленэр жывапісцаў і фотамастакоў, шматлікія выстаўкі.

Паводле словаў прадстаўніка Міністэрства, "у дадатак да згаданых праектаў пройдзе акцыя "Кірмаш праектаў", у якой кожны жадаючы можа зрабіць свой унёсак у культурную палітру горада і рэалізаваць свой патэнцыял. Сёлетні праект "Культурная сталіца" будзе самым насычаным па колькасці мерапрыемстваў і “зорнасці” яго ўдзельнікаў".

Магілёў нездарама абраны Культурнай сталіцай: ён мае багатую гісторыка-культурную спадчыну; з ім звязаны імёны славутых асветнікаў, вучоных, даследчыкаў, пісьменнікаў – Георгія Каніскага, Спірыдона Собаля, Трафіма Сурты, Івана Насовіча, Мікалая Судзілоўскага, Отта Шмідта, Канстанціна Сіманава, а таксама дзеячаў культуры – Эдуарда Калманоўскага, Леаніда Іванова, Віктара Турава, Валянціна Дудкевіча.

Магілёў - фестывальны горад: тут праводзяцца міжнародныя фестывалі – музычны "Залаты шлягер", духоўнай музыкі "Магутны Божа", анімацыйных фільмаў "Анімаёўка", тэатральны "М.@rt.кантакт".

Марына Шышкіна, "Товарищ.online"

Новости

Опрос

Где вы отдыхали (будете отдыхать) этим летом?

Мы в социальных сетях