Культура

У Беларусі можа з'явіцца агульная музычная прэмія

14.12.2012, 10:41 2024

Вячаслаў Радзівонаў распавёў пра чарговыя ўзнагароды Ultra-Music Awards, зь якіх можа паўстаць агульная беларуская музычная прэмія. Сёлета пераможцаў будзе вызначаць журы, куды ўвайшлі 58 асобаў. Такім чынам, у Беларусі зьявіцца свой інстытут «акадэмікаў» у сфэры музыкі.Мяркуецца, што журы з музыкантаў, прадусараў, журналістаў і прамоўтэраў абярэ найлепшых па шэрагу намінацыяў: «Група году», «Альбом году», «Песьня году», «Кліп году», «Падзея году», «Адкрыцьцё году». На пытаньні адносна абноўленай прэміі адказаў заснавальнік парталу Ultra-Music Вячаслаў Радзівонаў.— Навошта Беларусі яшчэ адна музычная прэмія?— Гэта не «яшчэ адна» прэмія. Мы ўжо 4 гады запар ладзім Ultra-Music Awards. Таму ў прэміі ўжо ёсьць гісторыя. Цяпер пачаўся новы віток у яе разьвіцьці. Мы вырашылі адыйсьці ад фармату інтэрнэт-галасаванак для вызначэньня пераможцаў у асноўных намінацыях. Доўга думалі, які варыянт выбару пераможцаў будзе больш аб’ектыўны і ў выніку сышліся на фармаце галасаваньня вялікага журы, у склад якога ўвайшлі людзі, якія цікавяцца беларускай музыкай, слухаюць і любяць яе.— Чым яна будзе адрозьнівацца ад існуючых? Прынамсі, ад «Рок-Каранацыі»?— Па вялікім рахунку, ёсьць толькі два кірункі выбару пераможцаў у прэміях: «лічбавы» і суб’ектыўны. Аснова першага — падлік продажаў-ратацыяў, то бок таго, што фактычна не існуе цяпер у беларускай музыцы. Другі кірунак — галасаваньні. І ў гэтым Ultra-Music Awards падобная на папулярныя замежныя прэміі: ад «Грэмі» да Juno Awards. Падобная і на «Рок-каранацыю» часоў свайго росквіту. Таму нават апісаньне крытэраў выбараў пераможцаў узятае з рэглямэнту «Рок-каранацыі-2002». Але па колькасьці сябраў журы Ultra-Music Awards больш падобны да замежных прэміяў, таму мы нават негалосна іх называем «акадэмікі» на манер «Грэмі».— Што табе не падабаецца ў існуючых прэміях?— Я лічу, што чым больш будзе прэміяў, тым лепш усім: і музыкам, якіх узнагароджваюць і часьцей узгадваюць у СМІ, і журналістам, для якіх ствараюцца інфармацыйныя нагоды, і слухачам, для якіх, я спадзяюся, беларуская музыка стане больш цікаваей. Я не магу сказаць, што мне нешта не падабаецца ў іншых прэміях. У кожнай свая гісторыя, свае намінацыі і свой пласт музыкі, які яна асьвятляе. У некаторых, напрыклад у Нацыянальнай музычнай прэміі, мне не зразумелыя толькі крытэры выбару пераможцаў. Але, калі ўлічваць, што эстрадныя музыкі гадамі не абнаўляюць свой рэпэртуар, то там цяжка з чагосьці выбіраць. Зрэшты, ня вельмі зразумела і хто выбірае — нідзе сьпісаў сябраў журы няма.— А ці ёсьць неабходнасьць у агульнай музычнай прэміі, без падзелаў на поп і рок, забароненых і прадзяржаўных і г. д.?— Ultra-Music Awards і ёсьць такая прэмія (смяецца). Мы ніяк не падзяляем музыку, нават на поп і альтэрнатыву. Цяпер межы паміж гэтымі тэрмінамі сьцёртыя. Калі ж пад поп-музыкай маецца на ўвазе эстрадная, то, будзем шчырымі, тут усё дрэнна. Нягледзячы на тое, што радыё і тэлевізію акупавала менавіта эстрадная папса, якасьць гэтай музыкі вельмі нізкая. Як я казаў, людзі гадамі граюць адныя і тыя ж песьні і ўвогуле не канкуруюць паміж сабой. Калі іх параўноўваць зь любым альтэрнатыўным гуртом, яны будуць прайграваць. Ды і нават няма чаго параўноўваць. Вось на дадзены момант мы налічылі роўна 100 альбомаў беларускіх музыкаў за гэты год (сьпіс да 31 сьнежня пэўна яшчэ папоўніцца), але сярод іх толькі чатыры эстрадныя рэлізы і адзін альбом шансанье.— І каго б ты зь беларускіх выканаўцаў вылучыў сёлета найперш і за што?— У гэтым годзе было шмат добрых рэлізаў. Асабліва цікавымі сталі альбомы гуртоў Akute, Clover Club, Irdorath, Morfe, Plum Bum, «Адыс Абэба», «Дай Дарогу!», «Людзі на балоце», «Палац» і Зьмітра Вайцюшкевіча. Добрымі дэбютамі адзначыліся 2morrow2late, Martin S., The Fraiz, «v e g e t a b l e s». Таму ўласна для мяне ёсьць з чаго выбіраць у гэтым годзе.— Як вылучаліся «акадэмікі», па якіх крэтэрах? Ці гэта сталы склад журы, альбо ў наступным годзе ён будзе іншым?— У склад журы ўвайшлі тыя людзі, якія арыентуюцца ў сучаснай беларускай музыцы і маюць аўтарытэт: гэта актыўныя журналісты, музыкі, арганізатары канцэртаў, прадусары. Мы паспрабавалі зрабіць сьпіс максымальна шырокім, каб дасягнуць найбольшай аб’ектыўнасьці. Канечне, кагосьці мы маглі забыць, хтосьці адмовіўся. Таму ў гэтым годзе 58 «акадэмікаў», але ў наступным годзе гэтая лічба можа зьмяніцца.— Раней вы ўручалі прызы і замежным выканаўцам, чаму ад гэтага цяпер адмаўляецеся?— У новым фармаце не знайшлося месца замежным музыкам. Па-першае, наша задача найбольш грунтоўна і аб’ектыўна ацаніць беларускую музыку. Па-другое, цяжка наладзіць сувязь з замежнымі музыкамі. За тры гады мы зьвязаліся нават ня з усімі пераможцамі, а перадаць узнагароды здолелі толькі Rammstein і Hurts.— Чаму вырашылі не падлучаць да выбару саміх слухачоў, як на той жа «Рок-Каранацыі», калі прынамсі ў адной намінацыі пераможца выбіраўся праз слухацкае галасаваньне.— Цяпер застаецца галасаваньне толькі ў спэцыяльнай узнагародзе «Ultra-гіт». На працягу году ладзіліся галасаваньні за найлепшую песьню месяца і ў выніковае галасаваньне трапяць усе пераможцы за год. Такім чынам мы вызначым самую папулярную песьню чарту за год.— Ці вы ўжо плянавалі, як будзе выглядаць сама цырымонія. Ці ўжо можна казаць, дзе яна пройдзе, хто яе будзе весьці? Хто выступіць у якасьці госьця?— Пакуль заплянаваная толькі папярэдняя дата правядзеньня мерапрыемства — 21 лютага. Шмат будзе залежыць ад таго, чым скончацца пошукі спонсараў. Пакуль усё на стадыі перамоваў. Але напрыканцы году мы ўжо вызначымся з усімі акалічнасьцямі цырымоніі ўзнагароджаньня. Магу толькі сказаць, што сярод запрошаных гасьцей будзе адзін вельмі цікавы музыка, якога ў Беларусі амаль ня ведаюць, але ён ужо мае прапановы выступаў у Злучаных Штатах. Застануцца нязьменнымі вядучыя цырымоніі: Рыгор Пятровіч Белка і Валера Асіпчык. Стваральнікі сайту newsbelarus.net зрабілі цудоўную атмасфэру на мінулай цырымоніі!Tizin.FM

Опрос

Правильно ли поступил Лукашенко, не введя в Беларуси карантин?
Да
0%
Нет
50%
Мне все равно
50%
Всего голосов: 2

Мы в социальных сетях