Культура

Алесь Аркуш напісаў музычны раман

21.09.2012, 14:54 2819

Пісьменьнік Алесь Аркуш, які выступіў суаўтарам аднаго з самых геніяльных альбомаў беларускага року «Наша ўскраіна» гурта «Мясцовы час», з нагоды прэзэнтацыі свайго музычнага раману «Палімпсэст» прыгадаў «Басовішча-91» і жнівеньскі путч, распавёў, якія памылкі з тэкстаў гурта тыражуюцца сучаснымі камандамі ды наноў пераадкрыў цудоўны дуэт Алеся Кузьміна і Лявона Вольскага.Заснавальнік «Таварыства вольных літаратараў» і тэкставік легендарнага полацкага гурта «Мясцовы час» напісаў раман пра сваё юнацтва, у тым ліку музычнае. Твор мае складаную назву «Палімпсэст». Як прызнаецца аўтар, у рамане ўсе рэальныя героі, але некаторыя падзеі зьменены і «адкарэктаваны». Раман напісаны ў нязвыклай форме – у яго тэксьце прысутнічаюць і старонкі зь дзённіка, і тагачасныя лісты герояў кнігі да аўтара, і нават тэксты песень. Раман шматплянавы і закранае такія тэмы як каханьне, занятак музыкай і тагачасныя філяфанічныя жарсьці, стаўленьне да алькаголю і філязофская праблема роднага дома. Галоўны герой кнігі згадвае пра свой школьны бэнд, пра першыя спробы творчасьці, пра службу ў войску, пра таямнічае каханьне да першай прыгажуні горада. «Па вялікім рахунку раман пра чалавечыя мары – іх міражную прысутнасьць і выніковую недасяжнасьць. Герой кнігі ня здраджвае сваім марам і прынцыпам, што рабіць яму вельмі ня проста», – кажа сам аўтар.Назву «Палімпсэст» Аркуш тлумачыць наступным чынам:  з часам некаторыя рэчы, што здаваліся важнымі і істотнымі, ператвараюцца ў другасныя і ня вартыя ўвагі. І наадварот. У рамане «Палімпсэст» аўтар паспрабаваў сьцерці ранейшыя старонкі сваёй біяграфіі і перапісаць іх наноў, па-іншаму раставіўшы прыярытэты, здабыткі і перамогі.Паводле задумы, «Палімпсэст» будзе мець працяг. У другой частцы сярод дзеючых асобаў мусіць зьявіцца і Алесь Кузьмін, лідэр гурта «Мясцовы час». «На мяне найперш уплывала музыка Pink Floyd і Fleetwood Mac, хоць гэта і дзіўнае спалучэньне. Слухаў выключна ангельскамоўны рок, але калі прыйшоў да беларускай творчасьці, то зразумеў, што трэба рабіць сваё», - распавядае Алесь Аркуш. Гэтыя свае думкі ён даслаў у рупар тагачаснай моладзі – газэту «Чырвоная зьмена» і яго артыкул выклікаў вялікі розгалас, шмат хто з музыкаў прапанавалі супрацу маладому паэту. Калі ён перабраўся ў 1987 годзе з роднага Жодзіна ў Полацак, мясцовы актывіст Сяржук Сокалаў-Воюш пазнаёміў яго з хлопцамі з «Мясцовага часу», тады яшчэ расейскамоўнага гурта. «Воюш тады сказаў: вось табе справа для ажыцьцяўленьня тваіх мараў. Празь нейкі час мы сталі працаваць разам. У іх былі расейскамоўныя накіды, якія яны прыносілі да мяне, а я ўжо адаптаваў іх пад беларускую мову». Часам у сувязі з гэтым здараліся кур’ёзы, бо вакаліст Алесь Кузьмін сутыкаўся з малазнаёмымі,  а то наогул невядомымі словамі. Напрыклад, у кампазыцыі «Наш шлях» Аркуш ужыў слова «стырно», а Кузьмін так сьпяшаўся з запісам, што прасьпяваў «стрымо». Так гэта песьня і была запісана, а тое «стрымо» працягвае гуляць у кавэрах, што робяць маладыя рок-каманды.У выніку супрацы Аркуша і «Мясцовага часу» паўстаў адзін з самых геніяльных альбомаў беларускага року «Наша ўскраіна» (1991). Словы да загалоўнай песьні зь яго, дарэчы, былі напісаныя цалкам Аркушам.  Песьні з гэтай праграмы гурт прэзэнтаваў на трох самых знакавых выступах у сваёй гісторыі. Яны зь неверагодным посьпехам выступілі на «Басовішчы-1991», дзе ўзялі прыз, як найлепшы гурт, сталі хэдлайнэрамі канцэрту «Рок за Незалежнасьць», што праводзіўся ў Менску пасьля правалу путча ды далі акустычны канцэрт у Полацкай Сафіі.«Тады мы лідзіравалі ва ўсіх гіт-парадах і нас запрашалі ўсюды. Пабывалі ўпершыню за кардонам, калі нас паклікалі на «Басовішча». Памятаю, як выступалі ля помніка Янкі Купалу, Кузьмін апошнім сьпяваў пад салют перад вялікай колькасьцю людзей і ўсё гэта транслявалася ўжывую па тэлебачаньні. Гэта было фэерычнае ўражаньне. І гэта я таксама апісваю ў новым рамане», - распавядае Алесь Аркуш.Музычны раман «Палімпсэт» Алеся Аркуша выходзіць у выдавецтве «Галіяфы».Прэзэнтацыя адбудзецца 1 кастрычніка ў галерэыі «Ў» у 19.00 пры ўдзеле гурта Monkey Bite і Лявона Вольскага."Тузін гітоў"

Опрос

Правильно ли поступил Лукашенко, не введя в Беларуси карантин?
Да
0%
Нет
50%
Мне все равно
50%
Всего голосов: 2

Мы в социальных сетях