Общество

Спеўныя сходы: Ажывiць спадчыну

23.02.2016, 08:25 4010

У Мінску энтузіясты і аматары беларускай песні час ад часу ладзяць “Спеўныя сходы”. Сяржук Доўгушаў - лідар гурта «Вурай» распавядае аб тым, як прыйшла ідэя ствараць такія Сходы. 

- Спеўны сход - гэта людзі, якія не навучаныя, а проста любяць спяваць. Асноўная задача такіх мерапрыемстваў, на маю думку, пазнаёміць людзей з беларускай песняй, са сваімі каранямі. Хочацца, каб мы ведалі больш аб нашай старажытнай культуры.

Свет беларускай песні вельмі багаты, і за за апошнія дзесяцігоддзі выдадзена шмат розных зборнікаў – можна пачуць практычна увесь песенны пласт. Але ўсё роўна людзі мала ведаюць сваіх песень, і гэта вельмі сумна.

- Я нават чула такое меркаванне: «заняткі, якія распачаў Сяргей Доўгушаў, даюць адчуванне беларускасці, якога гараджанам не стае. А дзеці, якія гадуюцца ў гарадскіх умовах і амаль што не чуюць беларускіх спеваў з дапамогай “Спеўнага схода” дакранаюцца да нашай песеннай культуры».

- Адразу хачу адзначыць, што “Спеўныя сходы” мы распачалі з грамадскім дзеячом Аляксеем Чубатам. Бо ў самоце нічога не зробіш. Што да вашага пытання, яшчэ і сёння ў некаторых вёсачках можна знайсці бабулю, якая заспявае якраз так, як гэта рабілі колькі вякоў таму. А вось гарадскія бабулі паступова адышлі ад спеваў народных песень. І тады пытанне - у каго мажліва навучыцца спяваць дзецям? На жаль, традыцыя абрываецца і не даходзіць да сучаснага пакалення.

Тыя людзі, якія будуць знаёміцца з песняй, мелодыкай - прыйдуць да сябе, у тым ліку і да разумення, хто яны на гэтай зямлі. Таму і да нас прыходзіць шмат: ведаеце, кожны цягнецца да гэтай чысціні, цяпла, якое нясуць нашыя родныя спевы.

- Я заўважыла, што на “Спеўныя сходы” прыходзяць менавіта з дзеткамі…

- Калі з дзяцінства мы будзем далучаць дзяцей да ўсяго свайго - песень, танцаў - то потым яны шмат чаго вартага зробяць і дзеля сабе, і дзеля будучых пакаленняў.

Тэматычны песенны сход, які быў прысвечаны дзіцячаму фальклору, калыханкам, сабраў шмат народу. Бо тэма “калыханкі” – найцікавейшая: яна кранае кожную матулю, ды і таты таксама не застаюцца раўнадушнымі.

- Да вас сапраўды можа прыйсці кожны, нават і той, хто ніколі не спяваў?

- Увогуле, мы скіраваныя ў першую чаргу на тых, хто дагэтуль ніколі не спяваў. Як ўсё гэта адбываецца? Часцяком тыя людзі, хто ўпершыню, прыходзяць проста паглядзець. Але, калі ўсе разам робяць гукавую размінку, быць простым назіральнікам не так лёгка. А калі грамада пачынае спяваць – утрымацца ўбаку ўвогуле немагчыма. Безумоўна, усе прысутныя атрымліваюць ад агульных спеваў вялікі зарад станоўчай энергіі.

- Сяржук, аб чым вы марыце як музыка?

- У творчым плане хочацца рухацца далей. Ёсць такая мара, каб беларускую песню ведалі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой – нават у Перу і Афрыцы. Каб мы пазнаёмілі ўвесь свет з нашай спеўнай спадчынай, а не існавалі толькі ў межах канцэрта-прэзентацыі на радзіме.

Нам усім неабходна адчуваць, што нашая культурная традыцыя займае сваё асабістае і пачэснае месца ў сусветнай культурнай прасторы.

На жаль, пакуль што з гэтым вельмі складана, і мы застаемся ў сваім асяроддзі. Але маем спадзяванні, што паступова, дзякуючы і нашаму дзейснаму ўдзелу, гэтая тэндэнцыя зменіцца. І калі вы раздзяляеце нашыя думкі і спадзевы, дык можаце падтрымаць кампанію па збору сродкаў на “Спеўныя сходы”.

Мар`яна Забродская, спецыяльна для “Товарищ.online”

Опрос

Правильно ли поступил Лукашенко, не введя в Беларуси карантин?
Да
0%
Нет
50%
Мне все равно
50%
Всего голосов: 2

Популярные рубрики

акция солидарности

Мы в социальных сетях