Калі б не БНР, Беларусь была б акругай Расіі, як сёння Крым

25 сакавіка 2014 г. спаўняецца 96 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народная Рэспублікі. У гонар Дня Волі палітычныя партыі, рухі і грамадскія аб’яднанні Беларусі правядуць традыцыйныя шэсце і мітынг. Сёлета удзельнікі святочных мерапрыместваў заявяць пра салідарнасць з Украінай. Але ў беларускім грамадстве стаўленне да Дня Волі неадназначнае: частка беларусаў лічыць яго сапраўдным Днём Незалежнасці краіны, іншыя ж наўрад ці ўспомняць, што ж такого адбылося 25 сакавіка.
Чаму так адбываецца, а таксама пра тое, якую ролю адыграла БНР у незалежнасці сучаснай Беларусі, «Журнал» зыпытаўся ў намесніка старшыні Партыі БНФ, гісторыка Ігара Лялькова.
– Спадар Ігар, што для вас значыць дзень 25 сакавіка? Ці можна лічыць яго Днём Незалежнасці Беларусі?
– Так, гэта адзіны сапраўдны Дзень Незалежнасці нашай краіны. 25 сакавіка 1918 году была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі – і гэта асноўная дата, якая засведчыла пра суверынітэт Беларусі сярод іншых краінаў.
– Але погляды гісторыкаў на тое, ці была БНР першай незалежнай беларускай дзяржавай, разыходзяцца. Сярод контраргументаў – адсутнасць свайго войска, паліцыі, адсутнасць шырокага прызнання ў свеце…
– БНР была першай абвешчанай незалежнай беларускай дзяржавай – больш такога да Рэспублікі Беларусь у гісторыі не было. БНР была прызнаная як мінімум 9 іншымі дзяржавамі свету і мела свае амбасады ці прадстаўніцтвы ў 15 краінах. Таму казаць пра тое, што гэта была напаўнавартасная дзяржава, не выпадае. А вось БССР, нягледзячы на тое, што яна была прадстаўленая у ААН, мела толькі тры кансуляты на сваёй тэрыторыі і ніводнай сваёй амбасады ў свеце. Так што БНР, напэўна, была больш паўнавартаснай дзяржавай, чым БССР да 1991 года.
– Вядома, што БНР была створаная ва ўмовах нямецкай акупацыі. Ці можна тады казаць пра яе сапраўдную незалежнасць?
– Паўстанне БНР, у прынцыпе, ніякім чынам не выбіваецца з агульнага трэнду паўстання новых дзяржаваў у рэгіёне. Большасць дзяржаваў тагачаснай Усходняй Еўропы былі створаныя ва ўмовах Першай Сусветнай вайны на тэрыторыях, акупаваных альбо немцамі, альбо Аўстра-Венгрыяй, альбо Турцыяй, альбо Расіяй. Абсалютна такім жа чынам – пад час чужой вайсковай прысутнасці на іх тэрыторыі – паўставалі літоўская, латвійская дзяржавы. Польшча таксама абвяшчалася не ва ўмовах поўнага кантролю тэрыторыі з боку палякаў.
– Такім чынам, можна казаць, што менавіта існаванне БНР забяспечыла тое, што сёння існуе незалежная Беларусь?
– Калі б БНР не было, думаю, мы былі б беларускай акругай Расійскай Федэрацыі, як сёння Крым. І бацькі БНР зрабілі для Беларусі і для беларускага народу больш, чым хто іншы ў гісторыі краіны.
– Рада БНР да гэтага часу працуе ў выгнанні і заяўляе, што перадасць свае паўнамоцтвы легітымнай уладзе Беларусі. Але ад самой Рады, здаецца, застаўся толькі вобраз…
– Рада БНР у выгнанні, на маю думку, з’яўляецца паўнавартасным прадстаўніком той самай першай незалежнай беларускай дзяржавы. Думаю, што на той момант, калі ў Рэспубліцы Беларусь запануе сапраўды беларуская ўлада, Рада зможа перадаць свае паўнамоцтвы легітымнаму кіраўніцтву Беларусі, як гэта было зроблена ва Украіне, напрыклад.
Працяг чытайце тут.